ТЭА́ТР ВАЙНЫ́,

пэўная тэрыторыя сушы, акваторыя акіяна і паветрана-касмічная прастора над імі, дзе ўзбр. сілы дзяржаў (кааліцыі дзяржаў) вядуць або могуць весці вайну (ваен. дзеянні стратэг. маштабу). Звычайна ўключае некалькі тэатраў ваенных дзеянняў на адным кантыненце з прылеглымі акваторыямі або адным акіяне з прыбярэжнай зонай, архіпелагамі і астравамі.

У 2-ю сусв. вайну існавалі Т.в. Еўрапейскі, Паўн.-Афрыканскі, Ціхаакіянскі і інш. На Еўрап. Т.в. знаходзілася да 370 злучэнняў фаш. блоку. Каля 270 з гэтых дывізій дзейнічала на сав.-герм. фронце, значная частка — на тэр. Беларусі (гл. Прыгранічныя бітвы 1941, Беларуская аперацыя 1944). У Паўн. Афрыцы знаходзілася да 20 дывізій праціўніка. На Ціхаакіянскім Т.в. пераважна дзейнічалі сілы ВМФ (ВМС), марская авіяцыя і марская пяхота ЗША і Японіі (у некат. аперацыях, напр., Акінаўскай 1945, з двух бакоў прымалі ўдзел больш за 2 тыс. караблёў і катэраў і каля 5 тыс. самалётаў). Фактычна самаст. тэатрам ваен. дзеянняў быў Атлантычны акіян (гл. Бітва за Атлантыку 1939—45), дзе ў баявых дзеяннях ЗША і Вялікабрытаніі супраць Германіі ўдзельнічалі тысячы караблёў і самалётаў (страты герм. ВМС склалі больш за 800 падводных лодак і інш.).

Пры вядзенні лакальнай вайны Т.в. можа супадаць з тэр. тэатра ваен. дзеянняў або яго часткай (гл. напр., Кувейцкі крызіс 1990—91).

т. 16, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)